11 лістапада народнаму літаратурна- краязнаўчаму музею Якуба Коласа ў Пінкавічах на Піншчыне споўнілася 30 гадоў. З гэтай нагоды тут прайшлі юбілейныя літаратурныя чытанні.
У гэтым годзе яны прайшлі больш сціпла. Карэктывы ў планы арганізатараў юбілейнай сустрэчы ўнесла неспрыяльная сітуацыя па каронавіруснай інфекцыі.
Адметнай асаблівасцю юбілейнага мерапрыемства стала ўстаноўка на будынку музея шыльды з QR-кодам. Такім чынам, месца, дзе ў пачатку ХХ стагоддзя ў тутэйшай школе настаўнічаў Канстанцін Міцкевіч - будучы класік беларускай літаратуры (літаратурны псеўданім Якуб Колас), стане больш даступным для турыстаў, якія атрымаюць магчымасць самастойна пазнаёміцца са славутасцямі палескага краю. Адсканаваўшы код, наведвальнік музея лёгка знойдзе сайт з падрабязнай інфармацыяй пра аб'ект.